СВАБО́ДА ВО́ЛІ,

філасофска-этычнае паняцце, якое азначае самавызначальнасць чалавека ў сваіх дзеяннях. У філасофіі цесна звязана з праблемамі дэтэрмінізму і індэтэрмінізму волі чалавека, у этыцы — з пытаннямі аб адказнасці чалавека за свае дзеянні, аб суадносінах С.в. і маралі; у хрысц. філасофіі і этыцы разглядаецца ў кантэксце праблемы Божага прадвызначэння і свабоды выбару асобы. Праблеме С.в. належыць адно з цэнтр. месцаў у гісторыі філас. і этычнай думкі. Сакрат падкрэсліваў вызначальную ролю пазнання ў ажыццяўленні С.в. Платон звязваў С.в. з арыентацыяй на ўсеагульны ідэал дабра, Арыстоцель — з праблемай маральнага выбару. Для сярэдневяковай філасофіі характэрны ідэі прадвызначэння і прэваліравання Божай усемагутнасці над асабістай С.в. чалавека (Аўгусцін, І.​Дунс Скот, Фама Аквінскі) або прызнання С.в. асобы як магчымасці выбару паміж дабром і злом (Пелагій). У антрапацэнтрычнай філасофіі Адраджэння С.в. разглядалася як аснова чалавечай дабрадзейнасці, поўнага прыроднага і культ. самаразвіцця асобы (Л.​Вала, К.​Салютаці, Дж.​Манеці). Бел. філасофія Адраджэння прасякнута ідэямі С.в., якая набліжае чалавека да вобраза Бога (С.​Будны, Л.​Зізаній), з’яўляецца асновай самаўдасканалення асобы шляхам падпарадкавання эмоцый і памкненняў розуму (Б.​Будны, А.​Алізароўскі), творчага самавыяўлення (М.​К.​Сарбеўскі). З 17 ст. ў вырашэнні праблемы С.в. вызначыліся 2 супрацьлеглыя пазіцыі: дэтэрмінізм, які сцвярджае, што воля абумоўлена знешнімі прычынамі і адмаўляе існаванне С.в. (Т.​Гобс, Б.​Спіноза), і індэтэрмінізм, які адстойвае ідэю самаабумоўленасці волі і абсалютнай С.в. (І.​Фіхтэ). І.​Кант аб’яднаў дэтэрмінізм і індэтэрмінізм, сцвярджаючы, што чалавек абсалютна несвабодны ў прыродным асяроддзі і валодае С.в. толькі ў інтэлігібельным (розумаспасцігальным) свеце. Г.​Гегель лічыў С.в. атрыбутам сусв. духу, А.​Шапенгаўэр разглядаў С.в. чалавека як выяўленне сусв. С.в. і крыніцу адвечных пакут, звязаных з бясконцасцю чалавечых жаданняў. Рацыяналістычную трактоўку С.в. прапанавалі К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія лічылі, што пазнанне і засваенне навакольнага асяроддзя спрыяюць ажыццяўленню С.в. Ірацыянальнай трактоўкі С.в. прытрымліваліся С.​К’еркегор, Г.​Маркузе, К.​Ясперс, якія сцвярджалі, што веды і рацыяналізм звужаюць магчымасці для выяўлення С.в. Э.​Фром вызначыў парадаксальную адметнасць чалавека 20 ст. — «уцёкі» ад С.в. як форму самаабароны ад непакою, звязанага з адзінотай, адказнасцю за выбар і нявызначанасцю будучыні. У экзістэнцыялізме і фенаменалогіі С.в. разглядаецца як неад’емны атрыбут асобы, які выводзіць яе па-за межы матэрыяльнага свету (М.​Хайдэгер, Ж.​П.​Сартр). Гл. таксама Воля, Свабода, Свабода і неабходнасць.

Літ.:

Ноговицин О.М. Ступени свободы: Логико-ист. анализ категории свободы. Л., 1990;

Максимов А.М. Измерения свободы. Екатеринбург, 1994;

Калмыков Р.Б. Анатомия свободы. Иваново, 1995;

Валла Л. Об истинном и ложном благе;

О свободе воли: Пер. с лат. М., 1989;

Шопенгауэр А. Свобода воли и нравственность: Пер. с нем. М., 1992;

Виндельбанд В. О свободе воли: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Левин Г.Д. Свобода воли: Современ. взгляд // Вопр. философии. 2000. № 6.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)